Пад Мінскам адбыўся выбух на газавым трубаправодзе

Пад Мінскам выбухнуў газаправод

Пад Мінскам выбухнуў газаправод / МНС

Каля аграгарадка Атоліна пад Мінскам увечары 24 ліпеня прагрымеў выбух.

У прэс-службе МНС паведамілі, што ў бульбяным полі адбыўся разрыў газавага трубаправода дыяметрам 700 мм. У выніку ўтварылася варонка. Пацярпелых пры здарэнні няма.

Таксама ратавальнікі адзначылі, што паху газу няма. На месцы працавала газавая служба.

У "Мінгазе" расказалі, што разгерметызацыя адбылася на магістральным газаправодзе ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь" каля 20:45.

"Цяпер выхад газу лакалізаваны. Газазабеспячэнне спажыўцоў Мінска і Мінскага раёна ажыццяўляецца па другой нітцы", — паведамілі ў ведамстве. І супакоілі мінчукоў, што абмежаванне ў газазабеспячэнні спажыўцоў не прадугледжваецца.

У кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь" заявілі, што гэта быў не выбух, а рэзкі выхад газу з не пушчанай у эксплуатацыю газаправоднай трубы: "Выбуху ці ўзгарання не было. Сітуацыя цалкам лакалізаваная, пацярпелых няма".

Прычыны здарэння высвятляюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.