Пад Лагойскам адбыўся выбух на самагонным міні-заводзе

Пад Лагойскам адбыўся выбух на самагонным міні-заводзе

У вёсцы Стары Млын у Лагойскім раёне зранку 9 верасня абдыўся выбух, піша сайт pln.by. У выніку яго 37-гадовы ўраджэнец Мінска і 28-гадовы ўраджэнец Навагрудскага раёна былі шпіталізаваныя з тэрмічнымі апёкамі твару, тулава і канечнасцяў 2-3-й ступеняў. Дзяжурны лекар Лагойскай лякарні паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.

Пацярпелыя распавялі міліцыянтам, што рамантавалі паравы кацёл у лазні і ён выбухнуў.

Аднак на месцы здарэння следча-аператыўная група высветліла, што ў доме абсталяваны міні-завод па вырабе самагонкі. Побач быў нецвярозы 34-гадовы мужчына. Ён заявіў, што працуе тут як найманы работнік і пра выраб самагонкі нічога не ведае.

У гаспадарчай пабудове, пацярпелай ад выбуху, міліцыянты знайшлі 465 літраў самагонкі і 600 літраў брагі, а таксама самагонны апарат. Міліцыянты забралі самагон, ратавальнікі дэмантавалі самагонны апарат, а брагу вылілі.

Пазней, падчас допыту адзін з пацярпелых прызнаўся, што разам са знаёмымі вырабляў самагонкі, а выбух адбыўся падчас рамонту абсталявання.

Ужо вядома, што домаўладанне належыць жыхару Бараўлянаў, але знайсці яго і дапытаць пакуль не змаглі.