Пад Іўем таксоўку скралі на вачах у кіроўцы

У вёсцы Загорнікі Іўеўскага раёна злодзей скраў таксоўку на вачах у кіроўцы. Здарэння адбылося позна ўвечары 3 жніўня. Жанчына-кіроўца патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што п’яны мужчына адабраў у яе машыну CITROEN, сеў за руль і з’ехаў. Супрацоўнікі ДАІ абвясцілі план “Перахоп”.

Праз 15 хвілінаў аўтамабіль запрыкмецілі каля вёскі Семянкі — п’яны ўгоншчык ехаў праз поле і то ўключаў, то выключаў фары. Ён паспеў абадраць усе апазнавальныя знакі таксоўкі. Калі да яго па’ехалі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі спыніцца, кіроўца стаў ад іх уцякаць.

Пагоня доўжылася каля 5 кіламетраў. Зламыснік заехаў у гарадскі пасёлак Юрацішкі, там яго занесла на павароце: машына ўехала ў плот і наскочыла на калодзеж. Злодзея затрымалі. Ён сказаў, што нічога не памятае пра абставіны ўгону і ніякай інфармацыі паведамляць не стане.

За ўгон аўто яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі, перадае прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі.

Фота з архіву