Па "справе малочнікаў" затрыманы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло — "Наша Ніва"
Ігар Брыло / mshp.gov.by
Экс-міністра сельскай гаспадаркі, а потым памочніка Лукашэнкі — інспектара па Віцебскай вобласці Ігара Брыло затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ, піша "Наша Ніва" са спасылкай на некалькі не звязаных між сабой крыніц.
Па звестках выдання некалькі дзён таму Брыло знік з працоўнага месца ў кампаніі мужчын спартовага выгляду. З таго часу ён на працоўным месцы не з'яўляўся.
Паводле звестак выдання, чыноўніка затрымалі па "справе малочнікаў". Цэнтральным фігурантам гэтай справы з'яўляецца гендырэктар ААТ "Бабушкіна крынка" Генадзь Скітаў.
51-гадовы Ігар Брыло — зямляк Скітава: ён таксама нарадзіўся ў Барысаве, там жа і пачаў сваю чынавенскую кар'еру. Па звестках "НН", калі Скітаў кіраваў Барысаўскім мясакамбінатам, Брыло быў ягоным падначаленым. Ëн працаваў там ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца выпіскамі з баз "Белпола".
На нарадзе 14 лістапада Лукашэнка заявіў, што сляды "справы малочнікаў" вядуць ва ўрад. Па гэтай справе, як паведамлялася, 26 чалавек затрыманыя, 15 арыштаваныя.