Новая платная паркоўка з'явілася ў цэнтры сталіцы
Адна гадзіна стаянкі на ёй абыдзецца ў 10 тысяч рублёў.
Новая платная паркоўка з’явілася ў Мінску на вуліцах Рэвалюцыйнай, Камсамольскай і Інтэрнацыянальнай. Яна пачала працаваць ад сёння, 11 траўня. Паводле інфармацыі сталічнага аб’яднання “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі”, гэтая зона платнай паркоўкі разлічаная на 694 месцы, а кошт стаянкі на ёй складае 10 тысяч рублёў за гадзіну.
Аплаціць гэтую паркоўку можна праз паркаматы, якія да сярэдзіны чэрвеня будуць прымаць толькі наяўныя грошы, а пазней унесці аплату можна будзе праз банкаўскія карткі.
Каб аплаціць машынамесца, трэба ўвесці пяць лічбаў дзяржнумара аўтамабіля ў паркамаце і ўнесці адпаведную суму. Апроч таго, у новай зоне платнай паркоўкі будуць дзейнічаць усе ўведзеныя раней спосабы аплаты, якімі карыстаюцца на іншых сталічных аўтаматызаваных паркоўках, — гэта SMS, USSD-запыты і карткі паркоўкі, паведамляе БЕЛТА.
У найбліжэйшыя два гады ў Мінску абсталююць платныя паркоўкі на 10 тысяч месцаў.
Фота: freesmi.by