New York Times паказала схему размяшчэння расійскіх войскаў ля межаў з Украінай
Прыкладная схема размяшчэння расійскіх войскаў на мяжы з Украінай/ скрыншот New York Times
Газета New York Times апублікавала прыкладную схему размяшчэння расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі на мяжы з Украінай. Карта складзена на аснове спадарожнікавых здымкаў, звестак разведкі і незалежных ваенных аналітыкаў. Згодна з ёй, расійскія войскі атачаюць Украіну з трох бакоў. З боку Беларусі атака на Украіну не разглядаецца.
На карце адзначаны асноўныя скапленні расійскіх войскаў з артылерыяй, танкамі і іншай тэхнікай. Паводле ацэнак украінскіх вайскоўцаў, удакладняе "Грамадскае", на непадкантрольным Данбасе знаходзяцца 32 тысячы баевікоў, якія падпарадкоўваюцца Расіі. Таксама ля акупаваных Луганскай і Данецкай абласцей нібыта размяшчаюцца як мінімум 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Па апошніх дадзеных украінскіх уладаў і замежных чыноўнікаў, на мяжы з Украінай знаходзяцца каля 100 тысяч вайскоўцаў. Згодна са спецслужбамі ЗША, у плане наступлення на Украіну Расіяй будзе задзейнічана 175 тысяч вайскоўцаў. Разведчыкі мяркуюць, што магчымая агрэсія можа адбыцца ў студзені-лютым 2022 года.
Праўда, піша New York Times, што, нягледзячы на меркаванне аналітыкаў, пакуль не зразумела, ці будзе Уладзімір Пуцін ажыццяўляць атаку.