Краіны ЕС падрыхтавалі свой варыянт мірнага плана па заканчэнні вайны ва Украіне

Краіны ЕС падрыхтавалі свой варыянт мірнага плана

Краіны ЕС падрыхтавалі свой варыянт мірнага плана / pixabay.com

Еўрапейскія краіны перадалі ЗША свой варыянт мірнага плана па ўрэгуляванні вайны ва Украіне. Пра гэта паведамляе выданне Der Spiegel са спасылкай на крыніцы.

У ЕС лічаць, што план ЗША можа стаць асновай для ўрэгулявання, але патрабуе дапрацоўкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, ЕС прапануе прытрымлівацца прынцыпу недапушчальнасці змены межаў сілавымі метадамі, а таксама не падтрымлівае абмежаванні ў дачыненні да ўзброеных сіл Украіны.

Акрамя гэтага, крыніцы The Washington Post пішуць, што ў дакуменце прапануецца вярнуць Украіне кантроль над Запарожскай АЭС і Кахоўскай ГЭС.

Зараз АЭС знаходзіцца пад кантролем Расіі. У праекце плана з 28 пунктаў, распрацаваным ЗША, прапануецца запусціць станцыю пад кантролем МАГАТЭ, а электраэнергію размеркаваць напалову паміж Расіяй і Украінай.

Кахоўская ГЭС была захопленая расійскімі войскамі ў 2022 годзе. У чэрвені 2023 года яна была знішчаная выбухам.

Таксама ў еўрапейскай прапанове гаворыцца пра "бесперашкодны праход" па Дняпры для Украіны і кантроль над Кінбурнскай касой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.