Украінскія памежнікі распавялі, ці чакаюць новага наступу з Беларусі

Армія / BELTA
Украінскія памежнікі пракаментавалі вучэнні “Захад-2025”, якія стартуюць на тэрыторыі Беларусі ў верасні. Паводле іх слоў, пакуль няма прыкмет небяспекі новага расійскага ўварвання з Беларусі.
Пра гэта 16 жніўня ў эфіры ўкраінскага тэлемарафону заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, сітуацыя на мяжы цяпер спакойная, і няма прыкмет фармавання наступальнай групоўкі каля беларуска-ўкраінскай мяжы.
Дземчанка адзначыў цікавую дэталь гэтых вучэнняў: не толькі расійскія войскі будуць перакідвацца ў Беларусь, але і беларускія — у Расію.
У пачатку жніўня ў Беларусі пачалася актыўная фаза падрыхтоўкі да сумесных стратэгічных вучэнняў з Расіяй “Захад-2025”. Першы эшалон з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай ужо прыбыў на тэрыторыю краіны. Вучэнні пройдуць з 12 па 16 верасня і стануць першымі маштабнымі манеўрамі з пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны. Гэтыя дзеянні выклікаюць занепакоенасць як ва Украіне, так і ў краінах НАТА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.