Нельга сказаць, што ў Беларусі дэфіцыт медыкаў — Мінздароўя

Доктар, ілюстрацыйнае фота

Доктар, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі няма дэфіцыту медработнікаў, нават калі казаць аб рэгіёнах і вузкіх спецыялістах. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня выказала начальнік Галоўнага ўпраўлення кадравай работы і прафесійнай адукацыі Мінздароўя Вольга Калюпанава.

"Нельга сказаць, што ў нас ёсць праблема, дэфіцыт кадраў, асабліва ў рэгіёнах і з вузкімі спецыялістамі. У нас маецца досыць добры кадравы рэсурс. У нас самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне", перадае reform.news яе словы.

Паводле прадстаўніцы Мінздароўя, у Беларусі ўкаранілі спрошчаны допуск да занятку сумежных спецыяльнасцяў па праграмах павышэння кваліфікацыі. Гэта дазваляе дактарам агульнай практыкі праводзіць вузкаспецыялізаваныя даследаванні.

"Асабліва гэта датычыць такіх, на думку насельніцтва праблемных пытанняў, гэта лекары ультрагукавой дыягностыкі, дыягнастычных метадаў даследавання. Лекар спецыяліст, які можа прайсці павышэнне кваліфікацыі і займацца УГД-даследаваннямі ў той галіне, у якой ён працуе. Пасля павышэння кваліфікацыі (160 гадзін) няма неабходнасці займаць паўнавартасную пасаду лекара ультрагукавой дыягностыкі або функцыянальнай дыягностыкі. Ён у звычайны свой прыём праводзіць не толькі агляд і абследаванне пацыента, але і дыягнастычнае, і скрынінг, і што забяспечвае даступнасць медыцынскай дапамогі ў адзін прыём і забяспечвае адразу ўсталяванне дыягназу і прызначэння неабходнага лячэння", — патлумачыла медыцынская чыноўніца.

Тое самае, паводле яе, датычыць вузкіх спецыялістаў у раённых клініках — кардыёлагаў, эндакрынолагаў, неўролагаў. Падрыхтоўка лекара агульнай практыкі па праграмах павышэння кваліфікацыі забяспечвае магчымасць аказання гэтых відаў дапамогі.

Паводле інфармацыі Белстата, на канец 2024 года ў краіне было 56,2 тысячы лекараў-спецыялістаў, у тым ліку 49,1 тысячы — практыкуючых. Колькасць сярэдняга медперсаналу (медсёстры, медбраты) — 123,9 тысячы чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.