Недастаткова горкі: у Беларусі забаранілі расійскі шакалад з марской соллю

Bucheron The Original

Bucheron The Original / irecommend.ru

У Беларусі забаранілі прадаваць расійскі шакалад з марской соллю. Але справа не ў ёй, і ўвогуле не ў незвычайным спалучэнні. Дзяржстандарт правёў даследаванні і прыйшоў да высновы, што Bucheron The Original з марской соллю не адпавядае ўласцівасцям горкага шакаладу.

Згодна з патрабаваннямі тэхрэгламентаў Мытнага саюза, у прадукце, які названы горкім шакаладам, павінна быць не менш як 33% какава-алею. У "Бушароне" ж яго аказалася ўсяго 31,5%.

Спецыялісты таксама выявілі перавышэнне нормы незадэклараваных замяняльнікаў какава-алею. Доля эквівалентаў склала 8,17% пры дапушчальных 5%.

Шакалад Boucheron раней рабілі па швейцарскіх стандартах на фабрыцы "Манчэстэр Энтэрпрайз", якая знаходзіцца ў расійскім горадзе Яраслаўлі. Ці працягваюць там пасля ўвядзення заходніх санкцый выкарыстоўваць рэцэпты і сыравіну ад замежнага партнёра — цюрыхскага канцэрна Barry Callebaut — застаецца толькі здагадвацца. Але на думку беларускага Дзяржстандарту, Bucheron The Original толькі імітуе ўласцівасці горкага шакаладу і ўводзіць пакупнікоў у зман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.