"Наша Ніва" выявіла "пашпарт прыкрыцця" ў афіцэра ГРУ

Аляксандр Васілеўскі (злева) і Аляксандр Краўчык (справа)

Аляксандр Васілеўскі (злева) і Аляксандр Краўчык (справа) / nashaniva.com

"Наша Ніва" працягвае расследаваць гісторыю з пашпартамі айцішніка Фёдара Гарбачова. Як паведамлялася раней, быў выяўлены пашпарт з яго тварам на імя Віктара Макавеева, выдадзены ў 2018 годзе. На падставе гэтага выданне сцвярджае, што Гарбачоў з'яўляецца агентам беларускіх спецслужбаў.

Жонка Гарбачова журналістка Вольга Сямашка публічна абвергла гэтую версію і заявіла, што ніякага пашпарта сям'я не бачыла.

"НН" даведалася ад афіцэра ў адстаўцы, што "пашпарты прыкрыцця" ў Беларусі рэдка выдаюцца для агентаў-адзіночак. Звычайна іх, маўляў, выдаюць некалькім чальцам аператыўнай групы для выканання канкрэтнага задання.

З дапамогай арганізацыі "Белпол" журналісты "НН" выявілі: 13 лютага 2018 года — у той жа дзень, што і "Віктар Макавееў", атрымаў пашпарт "Аляксандр Уладзіміравіч Краўчык".

Сцвярджаецца, што яго сапраўднае імя Аляксандр Уладзіміравіч Васілеўскі, ён нарадзіўся 25 сакавіка 1984 года. На тую ж дату нараджэння выдадзены і пашпарт прыкрыцця. Праект Digital Intelligence Team выявіў, што з 2006 года ён служыў як мінімум у трох вайсковых часцях — 97030, 02102 і 11709.

Апошняя часць (№11709, да 2016 года мела назву в/ч 51886), як раней паведамляў "Белпол", з'яўляецца закрытым падраздзяленнем — дзявятым ўупраўленнем ГРУ. У 2014 годзе на яго базе было створана дыверсійнае спецпадраздзяленне для працы за мяжой, расказваў Алег Талерчык.

Паводле яго, кожны супрацоўнік дзявятага ўпраўлення ГРУ праходзіць навучанне на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі альбо ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ. Падчас навучання студэнты дасканала авалодваюць дзвюма замежнымі мовамі — англійскай плюс мовай адной з заходніх краін-суседак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.