Над цягнікамі з Беларусі ў Калінінград будзе лятаць літоўскі верталёт

Верталёт будзе суправаджаць цягнікі / lrt.lt
Над расійскімі цягнікамі, якія транзітам ідуць праз Літву з Беларусі ў Калінінградскую вобласць РФ, будзе лятаць верталёт. Яго прэзентавала 7 красавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, піша LRT.
"Гэты верталёт дапаможа ўзмацніць назіранне за цягнікамі, якія ідуць у Калінінградскую вобласць і з яе", — заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
Верталёт Н145 каштуе 11 мільёнаў еўра. Ён набыты на сродкі ЕС для бяспекі транзітнага маршруту па тэрыторыі Літвы. Літоўскія СМІ не канкрэтызуюць, якія менавіта цягнікі ён будзе суправаджаць — пасажырскія ці грузавыя.
Дарэчы, у студзені 2024 года двое грамадзян Беларусі выйшлі з вагона цягніка, які ішоў транзітам праз Літву. Іх спынілі супрацоўнікі службы бяспекі чыгуначнай станцыі ў Вільні і вярнулі ў вагон. Каб ніхто зноў не спрабаваў выйсці на тэрыторыю Літвы, вагон суправаджалі да мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.