Літва прадасць з аўкцыёну канфіскаваныя пажарныя машыны з Беларусі
Санкцыі супраць РБ дзейнічаюць / obzor.lt
Літва прадасць з аўкцыёну канфіскаваныя пажарныя машыны і малакавозы з Беларусі. У абыход санкцый 17 пажарных машын спрабавалі адправіць у Зімбабвэ, а 17 малакавозаў — на Кубу.
Генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене паведаміла ў панядзелак у Сейме, што рашэнне аб іх рэалізацыі ўжо прынятае. Выконваць яго будзе Мытны дэпартамент. Малакавозы з аўкцыёну будуць прадаваць ужо 1 красавіка.
"Мы вельмі спадзяемся, што хтосьці зможа купіць гэтыя аўтамабілі і перадаць іх Украіне, — кажа Грунскене. — Я думаю, што яны сапраўды патрэбныя Украіне".
Па звестках BNS, машыны былі канфіскаваныя ў Клайпедзе ў 2023 годзе па падазрэнні ў парушэнні міжнародных санкцый.