На вуліцы Багдановіча ў Мінску не знясуць дамы дзеля будаўніцтва метро

Будаўніцтва метро ў Мінску, ілюстрацыйнае фота / onliner.by
У Мінску на вуліцы Багдановіча вырашылі пакінуць частку дамоў, якія раней планавалі знесці для будаўніцтва метро. Пра гэта расказаў кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Аляксандр Шчаковіч.
"Былі пэўныя планы па зносе шэрагу дамоў на вуліцы Багдановіча, звязаныя з будаўніцтвам метрапалітэна. Паколькі вырашана, што лінія метро будзе ісці крыху па-іншаму, частка запланаваных дамоў зносіцца не будзе", — перадае інфармагенцтва "Мінск-Навіны" словы сталічнага чыноўніка.
Паводле Шчаковіча, цяпер распрацоўваецца адпаведная дакументацыя. Бліжэйшым час жыхарам некалькіх мікрараёнаў паведамяць, ці трапляюць іх дамы ў зону зносу.
Раней для будаўніцтва метро ў Савецкім раёне планавалася знесці тры будынкі — жылы дом на праспекце Машэрава, 36 (ён ужо адселены), будынак былога філіяла "Прыёрбанка" на Машэрава, 40 (знос быў прадугледжаны першапачаткова), а таксама часткова будынак "Мінскмебельпраекта" на вуліцы Веры Харужай, 25.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.