Чыноўніца сказала, чаму не дазваляюць рэкламаваць сыр і каўбасу на вагонах метро

Метро, ілюстрацыйнае фота / t.me/minskoemetro
Камерцыйная рэклама не з'явіцца ні на вагонах метро, ні на бартах грамадскага транспарту. Пра гэта заявіла першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.
На яе думку, рэкламаваць гэтыя прадукты можна ў іншых месцах. А метро, паводле чыноўніцы, аб'ект вялікага сацыяльнага значэння, таму рэкламаваць там каўбасу, сыр і шампуні "не зусім карэктна".
"У нас нямала іншых месцаў, дзе можна прасоўваць прадукцыю: у горадзе 80 білбордаў, з электроннымі табло і ў самых топавых лакацыях", — падкрэсліла Лазарэвіч.
Яна параіла вытворцам звяртацца ў "Мінскрэкламу", дзе беларускай прадукцыі абяцаюць лаяльныя ўмовы. Акрамя таго чыноўніца рэкамендавала даваць рэкламу на тэлебачанне і ў СМІ, а таксама — удзельнічаць у кірмашах і выставах.
Лазарэвіч дадала, што наземны транспарт таксама непрыдатнае месца для камерцыйнай рэкламы, хаця ёсць нямала ахвочых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.