На Століншчыне сям’я 19 гадоў “гадавала” неіснуючае дзіця
Яшчэ ў 1994 годзе, “адмазваючы“ свайго сына ад войска, жыхарка Столінскага раёна падала ў ваенкамат падробленае пасведчанне пра нараджэнне ў яго дачкі Раісы.
Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс “Медыя-Палессе”, маладому “бацьку” далі адтэрміноўку ад вайсковай службы, а потым ён стаў сапраўдным бацькам чатырох дзяцей.
Афёра выявілася сёлета, калі шматдзетная сям’я паспрабавала атрымаць сацыяльнае жыллё. Пры афармленні неабходных дакументаў сваякі не здолелі падаць паперы на неіснуючую Раісу і заявілі, што яна з’ехала ў Расію і знікла. Праваахоўнікі апыталі суседзяў — і тыя заявілі, што дачкі ў гэтай сям'і ніколі не было.
Следчы камітэт пачаў тры крымінальныя справы — дзве за дачу заведама ілжывых паказанняў і адно за фальшаванне доказаў, па якім праходзіць гаспадыня шмадзетнага сямейства і яе сваякі. А бацьку неіснуючай Раісы ўжо пасадзілі — праўда, за іншую справу.
Фота — fedpress.ru