На пяці мінскіх вуліцах грамадскаму транспарту дадуць асобную паласу

Адасобленыя палосы для наземнага грамадскага транспарту могуць з’явіцца на пяці мінскіх вуліцах ужо ў верасні. Такую заяву зрабіў начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак упраўлення “Сталічны транспарт і сувязь” Аляксандр Капцюх. На сёння вызначылі пяць участкаў вулічна-дарожнай сеткі, дзе такую навацыю плануюць укараніць у першую чаргу. Гэта:

-    вуліцы Кунцаўшчына — Лабанка;
-    вуліца Няміга;
-    вуліца Бабруйская;
-    праспект Незалежнасці ў раёне мікрараёна Уручча і на прылеглых пад’ездах;
-    вуліца Ціміразева.

Чыноўнік таксама адзначыў, што на сёння ў Мінску сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць аўтобусаў катастрафічна нізкая — 16 км/гдз. Гэта нават меней, чым хуткасць, якую развіваюць раварысты.

Яшчэ адна навіна, якую мяркуюць увесці праектоўшчыкі, — адмена абавязковага заезду грамадскага транспарту ў прыпыначныя “кішэні”. На думку спецыялістаў, гэта дапаможа вырашыць праблему з нелегальна прыпаркаванымі аўтамабілямі, перадае Interfax.by