На прыпынках у Мінску больш не будуць усталёўваць электронныя табло

Інфармацыйнае табло на прыпынку ў Мінску / blizko.by
На прыпынках у Мінску больш не будуць усталёўваць электронныя табло. Тлумачэнне гучыць даволі дзіўна.
Паводле намдырэктара філіяла "Аўтобусны парк №5" дзяржпрадпрыемства "Мінсктранс" Віталя Чарнавокага, падключэнне такіх экранаў — гэта неабгрунтаваныя дадатковыя выдаткі. Як мінімум — на электраэнергію. Але... у Беларусі ж "паспяхова" працуе АЭС, і ўлады актыўна абмяркоўваюць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Здавалася б, элетраэнергія мусіць патаннець. Але не...
Даведвацца, калі на прыпынак прыедзе патрэбны аўтобус, тралейбус ці трамвай, чыноўнік прапануе з дапамогай смартфонаў. "Цяпер мы робім акцэнт на нашы віртуальныя сэрвісы, — кажа Чарнавокі. — Гэта значыць вы можаце ў любы момант адкрыць наш сайт у тэлефоне і паглядзець актуальны расклад для патрэбнага вам прыпыначнага пункта".
Таксама даведацца, калі прыбудзе патрэбны транспарт, можна, набраўшы кароткі нумар 488. Яшчэ спатрэбіцца пяцізначны код прыпынка, які знаходзіцца на інфармацыйнай таблічцы побач з QR-кодам.
Ну і тыя 500 экранаў, якія сёння працуюць у Мінску, пакуль нікуды не падзенуцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.