На праваслаўны храм у Гродне ўсталявалі купал і крыж (фота)
20 ліпеня ў Гродне, пасля ўрачыстай службы, усталявалі купал і крыж на храм Адсячэння галавы Яна Прадвесніка.
Купал вагой ад 5 да 7 тон і вышынёй у трохпавярховы дом, а таксама чатырохметровы крыж паднялі з дапамогай крана на амаль 50-метровую вышыню. Купал зрабілі мясцовыя майстры, а крыж быў выраблены ва Украіне.
Храм узводзіцца ў памяць аб загінуўшых у баях за вызваленне Гродна і воінах-інтэрнацыяналістах. Ён будуецца на ахвяраванні людзей і арганізацый ужо 15 гадоў.
Наступным этапам будаўнічых работ стане ўнутранае ўбранне царквы, якое плануецца завяршыць у наступным годзе.