На пажары ў Мінску маці паспела вывесці сыноў, а дочкам сказала скакаць у акно

На пажары ў Мінску маці паспела вывесці сыноў, а дочкам сказала скакаць у акно

З'явіліся новыя падрабязнасці начнога здарэння ў адным з жылых дамоў па вуліцы Гарэцкага ў Мінску. Сігнал пра пажар ратавальнікі атрымалі ў 01.30. Пад’ехаць да 9-павярховага дома не атрымлівалася з-за прыпаркаваных аўтамабіляў. Тады супрацоўнікі МНС падбеглі да пад’езда з вогнетушыцелямі.

Як паведаміла сайту sb.by афіцыйная прадстаўніца сталічнага МНС Вольга Мельчанка, гаспадыня кватэры прачнулася ад дзіўнага хлапка. Неўзабаве яна высветліла, што ў кладоўцы, у якой яна сушыла з дапамогай абагравальніка адзенне, пачаўся пажар. Жанчына паспела вывесці з кватэры трох сыноў. Калі ж вярнулася, каб забраць дачок ва ўзросце 7, 9 і 11 гадоў, яны былі адрэзаныя ад выхаду агнём. “Тады маці сказала дзяўчынкам скакаць у акно — знізу дзяцей лавілі суседзі. Усё гэта адбылося да прыбыцця ратавальнікаў”, — распавяла Мельчанка.

Дзяўчынкі не атрымалі сур’ёзных траўмаў, усіх трох шпіталізавалі.