На Пастаўшчыне незаконна разабралі былыя пускавыя ракетныя ўстаноўкі

На Пастаўшчыне незаконна разабралі былыя пускавыя ракетныя ўстаноўкі. Пра гэта стала вядома пасля праверкі, якую правёў Камітэт дзяржкантролю сумесна з аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі па Віцебскай вобласці.

Ракеты былі выведзены з Пастаўскага раёна ў пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь атрымала статус безядзернай дзяржавы. А вось пускавыя шахты засталіся. Яны былі перададзеныя ва ўласнасць мясцовых уладаў.

Як аказалася, Пастаўскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва заключыла дамову з камерцыйнай фірмай па дэмантажы гэтых установак. Па матэрыялах праверкі стала вядома, што гэтая дамова была складзеная без згоды райвыканкама, без распрацоўкі праекта і іншай дакументацыі. Кошт дамовы склаў 14 мільярдаў рублёў.

У выніку ракетныя шахты былі раскрытыя і з іх дасталі лом чорных металаў на суму 760 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы на рахунак Пастаўскага раёна не паступілі, а былі прысвоеныя прыватнай фірмай. Пасля гэтага працы па дэмантажы спынілі.

Зараз доступ да чатырох калодзежаў, якія маюць глыбіню да 40 метраў і дыяметр каля пяці метраў, адкрыты, яны не ахоўваюцца. Матэрыялы праверкі накіравалі ў Следчы камітэт.


Фота: news.vitebsk.cc