На мяжы з Беларуссю польскія салдаты стралялі гумовымі кулямі, паранілі мігранта

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Пры затрыманні мігрантаў, якія ішлі з тэрыторыі Беларусі, польскія памежнікі выкарысталі гладкаствольную зброю. Пра гэта паведамляе камандаванне 12-й Шчэцінскай механізаванай дывізіі.

Здарэнне адбылося 22 ліпеня ў 20:37 на ўчастку памежнай заставы ў Нарэўцы. У паведамленні адзначаецца, што мігранты не выконвалі загады, а дзеянні салдатаў былі накіраваныя на "супрацьдзеянне агрэсіўным паводзінам мігрантаў". Пяцярых затрыманых перадалі памежнай ахове.

Аднаго з іх памежнікі даставілі ў аддзяленне неадкладнай дапамогі ў Гайнаўцы. "У грамадзяніна Судана выяўлена агнястрэльнае раненне сцягна, прычыненае гумавай куляй, выпушчанай з гладкаствольнай зброі. Жыццю мігранта нічога не пагражае", — гаворыцца ў заяве дывізіі.

Дарэчы, 10 ліпеня вайсковец на польскай мяжы таксама страляў гумовымі кулямі з гладкаствольнай зброі, калі адзін з парушальнікаў агрэсіўна напаў на салдата. Тады польскі бок пачаў адразу два расследаванні — па факце ўжыння зброі і нападу на салдата. Мігрант атрымаў траўму. Пасля шпіталізацыі яго перавялі ў цэнтр для замежнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.