На Магілёўшчыне ў краме прадавалі пратэрмінаваныя на 60 дзён пірожныя
Праверка ў краме / sb.by
На Магілёўшчыне ў прыватнай краме прадавалі пірожныя са скончаным 60 сутак таму тэрмінам прыдатнасці. Камітэт дзяржкантролю праверыў 24 гандлёвыя аб'екты ў Бабруйску і Асіповіцкім раёне і распавёў пра вынікі. Сцвярджаецца, што парушэнні выявілі толькі ў шасці крамах. Гэта згаданы продаж пратэрмінаваных прадуктаў, завышэнне цэн, адсутнасць цэннікаў і нават рэалізацыя тавараў без дакументаў.
Кошты завышалі ў пяці крамах — на гародніну (бульбу, цыбулю, моркву, буракі) і садавіну. У прыватным гандлёвым аб'екце ў Бабруйску былі двухразовыя завышэнні гандлёвых надбавак на клеменціны, апельсіны, грушы. У яшчэ адным гандлёвым аб'екце выкрылі рэалізацыю больш за 30 найменняў тавараў (гародніны, садавіны, сухафруктаў, арэхаў) без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Дзейнасць крамы прыпынілі.