На “Іслач” таксама завялі крымінальную справу за арганізацыю дагаварнога матчу

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні гульцоў і прадстаўніка трэнерскага штабу футбольнага клуба “Іслач”, які выступае ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Іх падазраюць у арганізацыі дагаварнога матчу, паведамілі ў праграме “Зона Х” на тэлеканале “Беларусь 1” раніцай 10 жніўня.
Гаворка ідзе пра сустрэчу “Іслачы” з брэсцкім “Дынама” 30 красавіка — паводле праваахоўнікаў, падазраваныя гульцы павінны былі забяспечыць паразу каманды са сталічнага рэгіёну або нічыйны вынік у першым тайме. Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБАЗіК МУС Сяргей Ванагель паведаміў, што ў арганізацыі дагаварнога матчу ўдзельнічаў былы беларускі футбаліст, які выступіў пасярэднікам. Ён звёў прадстаўнікоў “Іслачы” з грамадзянамі, якія прыбылі з Расіі і гатовыя былі заплаціць ад 10 да 20 тысяч долараў, каб забяспечыць патрэбны вынік. Сума “ганарараў” вагалася ў залежнасці ад каціровак у букмекерскіх канторах на канкрэтны матч.
Перад матчам каэфіцыенты на перамогу ФК “Дынама” (Брэст) у некаторых букмекерскіх канторах былі 1 да 8, паведамляе БелаПАН.