На футбольны матч Беларусь — Іспанія спрабавалі пранесці наркотыкі
А ў мужчыны, які ехаў на чэмпіянат па дрыфтынгу, знайшлі рэвальвер.
25-гадовы расіянін спрабаваў пранесці небяспечныя рэчывы на футбольны матч зборных Беларусі і Іспаніі, які прайшоў учора на “Барысаў-Арэне”. Падчас перадматчавага дагляду міліцыянты знайшлі ў яго падазроны скрутак, імаверна, з наркатычным рэчывам расліннага паходжання.
Цяпер па факце інцыдэнту праводзяць праверку, паведамляе прэс-служба МУС.
На тэрыторыі, прылеглай да стадыёна, міліцыя таксама склала пратаколы на 5 грамадзянаў за дробнае хулігантсва, з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, а таксама за курэнне ў забароненых месцах.
У той жа дзень у аэрапорце Мінск-1 супрацоўнікі АМАПу канфіскавалі рэвальвер і патроны калібра 5,6 мм. Зброю знайшлі ў аўтамабілі “БМВ” 38-гадовага мінчаніна, які накіроўваўся на чэмпіянат па дрыфтынгу. Кіроўца машыны патлумачыў, што гэта стартавы рэвальвер, аднак зброю накіравалі на экспертызу.
