На футбаліста “Тарпеда-БелАЗ” завялі крымінальную справу — хуліганства

На футбаліста “Тарпеда-БелАЗ” завялі крымінальную справу — хуліганства

На футбаліста “Тарпеда-БелАЗ” Цярэнція Луцэвіча заявілі крымінальную справу за хуліганства. Падставай для гэтага стаў інцыдэнт, які здарыўся, калі Луцэвіч яшчэ гуляў за “Граніт”. У першым крузе чэмпіянату краіны футбаліст пасварыўся на трэніроўцы з настаўнікам мікашэвіцкай каманды Валерыем Бахно. Спартсмен пакінуў занятак, у распранальні прыняў душ і на эмоцыях вынес дзверы.

Адміністрацыя стадыёна “Палессе” напісала заяву ў міліцыю на тэмпераментнага футбаліста, у выніку чаго на яго завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 339 КК (хуліганства). Як піша “Прессболл”, гулец хутчэй за ўсё атрымае штраф. Пад арышт яго не бралі.

Цярэнцій Луцэвіч — футбаліст беларуска-камерунскага паходжання. Ён нарадзіўся ў 1991 годзе ў Камеруне і меў імя Вобга Т’енчэн. У паўгадовым узросце яго прывезлі ў Беларусь на радзіму маці, дзе выхаваннем будучага футбаліста займалася бабуля. У 2013 годзе Вобга афіцыйна змяніў пашпарт і ўзяў імя Цярэнцій, атрыманае пры хрышчэнні, а прозвішча Луцэвіч — ад бабулі.

Луцэвіч вядомы не толькі сваім бурным тэмпераментам, але і тым, што амаль кожны год мяняе футбольны клуб. Толькі ў мінскім “Дынама” ён правёў тры сезоны, дый там яго ўвесь час здавалі ў арэнду іншым камандам. Сёлета 5 ліпеня спартсмен, які гуляе на пазіцыях абаронцы і форварда, далучыўся да “Тарпеда-БелАЗ”.