На Беларусь ідзе пахаладанне: прагноз надвор’я да 24 верасня

З +29 да +16 градусаў удзень. І дажджы / Euroradio
Спякотнае надвор’е, якое ўсталявалася ў гэтыя дні ў Беларусі, зменіцца прыкметным пахаладаннем, пачынаючы з 23 верасня.
22 верасня надвор’е ў Беларусі яшчэ будзе вызначаць цёплая паветраная маса. Уначы чакаецца мала воблакаў, удзень — зменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +12…+17 °С, максімальная ўдзень ад +21 °С на паўночным захадзе да +29 °С на поўдні краіны.
Але ўжо 23 верасня ў Беларусь пачнуць паступаць больш прахалодныя паветраныя масы з паўночнага захаду Еўропы. Чакаецца пераважна воблачнае надвор’е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +7…+14 °С, максімальная ўдзень +11…+18 °С, у паўднёва-ўсходніх раёнах краіны +19…+23 °С.
24 верасня надвор’е будзе вызначаць халодны скандынаўскі антыцыклон. Вецер будзе паўночны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +3…+10 °С, максімальная ўдзень +10…+16 °С.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.