На аўторак у Беларусі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі — будзе туман
Туман, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У аўторак, 16 снежня, у Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Істотных ападкаў не прагназуецца, толькі ўначы і зранку месцамі па паўночным усходзе краіны пройдуць невялікія ападкі — дождж, мокры снег. У многіх раёнах на працягу сутак чакаецца туман. Паводле метэаролагаў, ён прагназуецца ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцях, а таксама Мінску. Бачнасць у тумане складзе 100-500 м. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Уначы і зранку месцамі па Беларусі чакаецца слабы галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер будзе заходні, паўднёва-заходні — ад слабога да ўмеранага.
Тэрмометры ўначы пакажуць -3...+3 градусы. Удзень прагназуецца 1-6 градусаў цяпла.
У сераду будзе пераважна без ападкаў. Месцамі па краіне чакаюцца туман і слабы галалёд. Удзень тэмпература паветра складзе ад -1 па паўночным усходзе да +7 градусаў па паўднёвым захадзе Беларусі.