МЗС Беларусі пакрыўдзіўся на жаданне Польшчы адкрыць мяжу
 
  Беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Афіцыйны Мінск раскрытыкаваў жаданне Варшавы адкрыць яшчэ два памежныя пункты на беларуска-польскай мяжы.
Прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў заявіў, што Беларусь пагодзіцца на адкрыццё пераходаў у "Баброўніках" і "Кузніцы", калі сама будзе да гэтага гатовая.
"Не прэм'еру Польшчы і тым больш Літвы вырашаць, калі адновяць сваю працу пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу "Баброўнікі" і "Кузніца", — заявіў беларускі дыпламат.
Ён дадаў, што "Беларусь пагодзіцца з адкрыццём са свайго боку мяжы тады і толькі тады, калі будзе цалкам гатовая да гэтага інфраструктурна, кадрава і, што найбольш важна, у сферы бяспекі".
Апошнія гады беларускія ўлады неаднаразова крытыкавалі Польшчу за закрытыя пункты пропуску. Адзіная перашкода для адкрыцця "Баброўнікаў" быў рамонт з беларускага боку, але яго скончылі напрыканцы 2024-га. Гэта значыць, што цяпер усё, што спатрэбілася б зрабіць Мінску, — накіраваць у два пункты памежнікаў і мытнікаў.
Пра жаданне Польшчы адкрыць памежныя пераходы ў "Баброўніках" і "Кузніцы" на мінулым тыдні паведаміў прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск. Але пасля кансультацый з Літвой, якая акурат цяпер закрыла мяжу з Беларуссю, Польшча адклала свае намеры на некалькі тыдняў. Паведамляецца, што адкрыццё памежных пераходаў адбудзецца прыкладна ў сярэдзіне лістапада.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
