МЗС Беларусі: Мы — за пашырэнне адносін з ЕС без санкцый і абмежаванняў

Патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і ЕС застаецца ў значнай ступені нерэалізаваным. Такую заяву на канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі”, якая праходзіць у сталіцы Беларусі, зрабіў начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Дзяніс Сідарэнка.
 
Сідарэнка: “Беларусь і Еўрапейскі саюз аб’ектыўна зацікаўленыя ў нармалізацыі адносінаў і развіцці шчыльнага ўзаемадзеяння. Гэта сёння дыктуюць агульныя інтарэсы і выклікі. Гэта дыктуе таксама і агульная сітуацыя ў рэгіёне. Мы шчыра разлічваем на тое, што гэты працэс збліжэння будзе пашырацца, і ў нас атрымаецца сумесна сфармаваць пазітыўны парадак дня на будучыню і выйсці на якасна іншы ўзровень адносінаў з Еўрасаюзам. Як сказаў міністр Уладзімір Макей у Рызе — без санкцый і абмежаванняў”.

Беларускі дыпламат адзначыў, што наша краіна зацікаўленая ў далейшым удзеле ў розных праграмах ініцыятывы "Усходняе партнёрства" і тым, каб сама праграма працягвала існаванне. У той жа час, кажа Сідарэнка, неабходна паступова пераасэнсоўваць і перафарматоўваць Усходняе партнёрства. Ініцыятыва будзе эфектыўным рэгіянальным механізмам супрацоўніцтва, толькі калі рэальна забяспечыць раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае партнёрства і супрацоўніцтва ўсіх шасці краін-партнёраў і краін-сяброў ЕС.

Фота — telegraf.by