МЗС атрымала ўжо больш за 70 заявак на акрэдытацыю замежных журналістаў

Міністэрства замежных спраў атрымала больш за 70 заявак на акрэдытацыю замежных журналістаў ад 15 СМІ. Такую лічбу назваў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Як распавядала Еўрарадыё, 2 кастрычніка МЗС адмяніла акрэдытацыю ўсіх замежных журналістаў. Гэта было звязана з тым, што ведамства распрацавала новае Палажэнне аб акрэдытацыі.
Прыёём электронных заявак на новую акрэдытацыю пачаўся з панядзелка, 5 кастрычніка.
"Вядома, у першую чаргу, як і абяцалі, разгледзім раней пададзеныя заяўкі. Пастараемся таксама аператыўна даць магчымасць працаваць хаця б некалькім журналістам розных сусветных СМІ, пакуль разглядаюцца дакументы іх калег. Адназначны прыярытэт на дадзеным этапе таксама будзе аддадзены грамадзянам тых краін, дзе зарэгістравана замежнае медыя", — патлумачыў Анатоль Глаз.
Пры гэтым прэс-сакратар МЗС падкрэсліў, што Беларусь можа дзейнічаць паводле прынцыпу ўзаемнасці ў тых выпадках, дзе ўжываюцца абмежавальныя меры супраць журналістаў беларускіх СМІ. І першы такі прэцэдэнт "ужо магчымы", дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.