Мяне шантажавалі дзецьмі — Ціханоўская расказала пра высылку з Беларусі

Святлана Ціханоўская ўлетку 2020 года

Святлана Ціханоўская ўлетку 2020 года / Еўрарадыё

Святлану Ціханоўскую шантажавалі дзецьмі, каб выслаць з Беларусі пасля выбараў. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.

На наступны дзень пасля выбараў-2020 Ціханоўская прыйшла ў Цэнтрвыбаркам з заявай пра фальсіфікацыі. Але там яе чакалі супрацоўнікі КДБ.

"Яны пачалі запалохваць, шантажаваць маімі дзецьмі. Казалі, што ведаюць, дзе яны знаходзяцца. Што я буду затрыманая. Што з імі зробяць у дзіцячым доме. Што я не ўбачу, як яны растуць, — расказвае лідарка беларускіх дэмсіл. — А старэйшаму сыну патрэбныя спецыяльныя кахлеарныя імплантаты, батарэйкі, чыстка. Гэта было дадатковым ціскам.

Я размаўляла з імі тры гадзіны. Прасіла: "Людзі хочуць перамен. Ім патрэбныя свабодныя выбары. Давайце пачнём дыялог". Але яны былі ўпэўненыя, што калі прымусяць мяне з’ехаць, людзі не выйдуць на вуліцы".

У выніку Ціханоўская пагадзілася пакінуць Беларусь. Яе вывелі з ЦВК і далі на зборы 20 хвілінаў. "Я ўзяла толькі маленькі заплечнік з дакументамі", — кажа яна. Пасля гэтага яе адвезлі на беларуска-літоўскую мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.