"Няхай ніводзін палітвязень не застанецца самотным" — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Гэтая дата была заснаваная ў памяць пра загадкавую смерць палітвязня Вітольда Ашурка ў 2021 годзе ў шклоўскай калоніі.
З нагоды Дня салідарнасці з палітвязнямі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў.
"Кожны год 21 мая сэрца сціскаецца ад болю. Гэта Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Палітвязні былі ў Беларусі заўсёды. Але тое, што адбываецца цяпер, — гэта маштабная трагедыя", — адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
Яна нагадала, шта на сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца больш за тысячу чалавек, прызнаных палітвязнямі — журналісты і настаўнікі, медыкі і інжынеры, студэнты і пенсіянеры. іх аб'ядноўвае тое, што яны не згодныя жыць у хлусні і гвалце.
Палітык заклікала падтрымаць палітвязняў і іх сваякоў:
"Важна памятаць, што нават ва ўмовах татальнага кантролю і ціску мы не бездапаможныя. У гэты дзень я заклікаю вас:
— Пішыце лісты палітвязням. Нават некалькі цёплых словаў ад незнаёмага чалавека могуць сагрэць душу і падарыць надзею.
— Падтрымайце знаёмых, чые сваякі за кратамі. Прынясіце прадукты сталым бацькам зняволеных. Пагаварыце з сябрамі, якія сумуюць па сваіх партнёрах. Дайце адчуць, што яны не адны.
— Калі вы знаходзіцеся за мяжой — выкарыстайце магчымасць, каб нагадаць людзям пра сітуацыю ў Беларусі. Рабіце гэта асцярожна, каб не прыцягваць увагу рэжыму да канкрэтных асобаў за кратамі. Удзельнічайце ў акцыях салідарнасці, рабіце пасты анлайн і падтрымлівайце ініцыятывы".
Ціханоўская падкрэсліла важнасць кожнага кроку, кожнага ліста. Яна заклікала пашыраць салідарнасць: "Няхай ніводзін палітвязень не застанецца самотным. Свабоду палітвязням!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.