МУС і СК заяўляюць, што злавілі "ліфтавага маньяка" з 90-х
Затрыманы магілёвец / Следчы камітэт
Следчы камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў заявілі, што злавілі серыйнага забойцу, які дзейнічаў у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя.
Злачынствы адбываліся ў 1996-1999 гадах, іх ахвярамі станавіліся дзяўчынкі і дзяўчаты.
Паводле звестак следчых, мужчына высочваў каля шматпавярховак дзяўчат далікатнага целаскладу, якія не маглі аказаць супраціву. Ён гвалтаваў іх ці здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару ў пад'ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах дамоў. Калі ахвяра пачынала супраціўляцца, ён душыў яе ці забіваў нажом.
"На сумленні маньяка восем забойстваў беларусак ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў, а таксама два замахі на забойства і згвалтаванне", — паведамляюць следчыя.
Злавіць нападніка па гарачых слядах не ўдалося. Спярша міліцыя шукала розных злачынцаў, толькі пазней зразумелі, што дзейнічае серыйны злачынца. Гарады, у якіх адбыліся напады, размяшчаліся на скрыжаванні некалькіх чыгуначных шляхоў і кірункаў: Магілёў — Орша — Віцебск і Орша — Мінск.
У 2024 годзе ў кожнай вобласці беларусі былі створаныя працоўныя групы, якія расследавалі старыя справы. У выніку следства выйшла на падазраванага. Ім аказаўся 53-гадовы работнік аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў. Затрымлівалі яго ў цэнтры горада пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення "Алмаз".