Пенсіянер забіў гомельскага дачніка і закапаў на лецішчы

Пенсіянер забіў знаёмага і закапаў на дачы / Следчы камітэт
Следчы камітэт абвінаваціў 77-гадовага жыхара Гомеля ў забойстве. Мужчыну ўзялі пад варту.
45-гадовы гамяльчук лічыўся зніклым без вестак. Падчас расследавання высветлілася, што 6 красавіка ён паехаў на лецішча ў вёску Раманавічы Гомельскага раёна. Там ён зайшоў да мясцовага жыхара. У гасцях у таго быў таксама 77-гадовы дачнік з Гомеля. Ўтрох мужчыны выпілі.
Пасля гэтага пенсіянер адправіўся да сябе на лецішча. 45-гадовы гамяльчук здабыў яшчэ самагонкі і пайшоў да яго. На лецішчы пенсіянера яны працягнулі выпіваць, але ў нейкі момант пасварыліся.
"У парыве гневу пенсіянер нанёс апаненту не менш за 34 удары нажамі, рукамі, нагамі, зэдлікамі па розных частках цела. Мужчына памёр ад вострай страты крыві", — заяўляюць у СК.
Пра смерць госця пенсіянер нікому не паведаміў. Начаваць ён пайшоў да суседа, а на раніцу наступнага дня вярнуўся, загарнуў цела забітага ў брызент і схаваў яго за хлявом. Заплечнік загінулага завёз у Гомель і пакінуў у аўтобусе, каб заблытаць пошукі.
На наступны дзень пенсіянер вярнуўся на лецішча, выкапаў яму каля хлява, у якую паклаў забітага, і па-майстэрску замаскіраваў яе. Лішні пясок з ямы перавёз на іншае месца і прыкрыў шыферам.
Сваякі зніклага праз некалькі дзён звярнуліся ў міліцыю. Шукаць зніклага міліцыянтам дапамаглі супрацоўнікі пошукава-выратавальнага атрада "Сімуран", якія і выявілі замаскіраваную магілу.
У СК адзначаюць, што фігурант справы прызнаўся ў зробленым і раскаяўся. З яго ўдзелам быў правелўены следчы эксперымент і праверка паказанняў на месцы здарэння. Паведамляецца, што мужчына раней не быў судзімы, але пакутуе на залежнасць ад алкаголю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.