Мотавелазавод збіраецца запусціць у Мінску, Брэсце і Гродне байкшэрынг

Мотавелазавод збіраецца запусціць у Мінску, Брэсце і Гродне байкшэрынг

Мотавелазавод збіраецца запусціць у Мінску, Брэсце і Гродне буйны байкшэрынг Velosmart. Разам з партнёрамі прадпрыемства плануе толькі ў сталіцы ўкласці ў праект не менш за $2 млн. Але ён у сталіцы стартуе найхутчэй у 2020 годзе. У абласных цэнтрах, магчыма, раней, інфармуе TUT.by.

На мотавелазаводзе кажуць, што "гэта будзе на 100% нацыянальны шэрынг: беларускі софт, беларускія ровары і беларускія станцыі". Перад паездкай карыстальніку давядзецца зарэгістравацца праз прыкладанне, адсканаваць код. Аднак ровар можна будзе пакінуць толькі на станцыі. Іх у Мінску мусіць быць 120-150, на кожнай — 10-12 ровараў (яны будуць і звычайныя, і электра), у Брэсце і Гродне — да сотні на горад. Гадзіна паездкі будзе адпавядаць кошту талона на адну паездку ў грамадскім транспарце — 60-65 капеек. Пры гэтым першыя паўгадзіны паездкі будуць бясплатныя.

Тры станцыі Velosmart дзейнічалі ў Мінску падчас Еўрапейскіх гульняў, іх паслугамі маглі скарыстацца толькі іх удзельнікі. Цяпер існуе праблема выдзялення зямлі пад станцыі. Чыноўнікі спасылаюцца на адсутнасць падобнага досведу ў Беларусі, механізм яшчэ не адпрацаваны. З-за гэтага старт праекту і можа быць адкладзены толькі на наступны сезон. Паскорыць яго можа толькі зацікаўленасць ураду, лічаць на мотавелазаводзе.