Мінюст не атэставаў адвакатку Вольгі Залатар
Кваліфікацыйная камісія лічыць, што адвакатка агучыла дадзеныя следства / Ілюстрацыйнае фота onliner.by
Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце на пасяджэнні ў пятніцу вырашыла, што адвакатка Наталля Ванцовіч не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з прычыны "недастатковай кваліфікацыі", паведамляе "Медиазона".
Ванцовіч прызначылі праходжанне пазачарговай атэстацыі, бо яна нібыта агучыла дадзеныя папярэдняга следства па справе сваёй падабароннай Вольгі Залатар. Адвакатка заяўляе, што інфармацыі яна не выдавала, і таму падала скаргу ў суд. Ванцовіч патлумачыла, што магчымасці працаваць адвакатам яна не пазбаўленая, таму рыхтуецца да працягу суда над Залатар.
Шматдзетную маці Вольгу Залатар пачалі судзіць 15 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Жанчына знаходзіцца за кратамі з сакавіка, яна прызнаная палітвязнем. Залатар вінавацяць у тым ліку ў "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання" і "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Жанчыне пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Вольга Залатар — магістр сацыялогіі, падчас выбараў 2020 года яна была назіральнікам, працавала валанцёрам каля Акрэсціна, яе тройчы затрымлівалі. Яна расказала адвакату пра катаванні за кратамі.