15 лістапада ў Мінску пачнуць судзіць маці пяці дзяцей Вольгу Залатар
15 лістапада ў Мінску ў гарадскім судзе пачнуць судзіць маці пяці дзяцей Вольгу Залатар. Яна знаходзіцца за кратамі з сакавіка, прызнаная праваабарончай супольнасцю палітзняволенай.
Залатар абвінавачваюць у "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання" і "арганізацыі і навучанні дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Таксама ёсць даныя пра артыкул "Пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак". Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы паведамляюць, што крымінальную справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко.
Вясной пад хадайніцтвамі ў Следчы камітэт з просьбай спыніць крымінальны пераслед Вольгі Залатар паставілі подпісы каля 70 каталіцкіх святароў. Летам жанчыну змяшчалі ў рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу для псіхіятрычнай экспертызы.
Вольга Залатар — магістр сацыялогіі, падчас выбараў 2020 года яна была назіральніцай, працавала валанцёркай каля Акрэсціна, яе тройчы затрымлівалі. Яна расказала адвакату пра катаванні за кратамі.