Мінскае метро з 28 жніўня пераходзіць на зімовы графік руху

Мінскае метро з 28 жніўня пераходзіць на зімовы графік руху

У сувязі з завяршэннем сезона масавых адпачынкаў і вакацыяў мінскае метро пераходзіць на зімовы графік руху электрацягнікоў. Новы графік пачне дзейнічаць з панядзелка, 28 жніўня, паведамляецца на сайце метрапалітэна

У будні па абедзвюх лініях у ранішнюю і вечаровую гадзіны пік (з 7.00 да 9.00 і з 16.00 да 19.00) цягнікі будуць рухацца з інтэрвалам дзве хвіліны. У няпікавы час — ад 4 да 8 хвілін.

Пасля 22-й гадзіны інтэрвал у руху цягнікоў складзе ад 8 да 12 хвілін. Пасля паўночы і да закрыцця станцый інтэрвал будзе 15 хвілін.

Першыя цягнікі з канчатковых станцый "Уручча" і "Малінаўка" адправяцца ў 5.32, а з "Магілёўскай" і "Каменнай Горкі" — у 5.33. Апошні цягнік адправіцца ад канчатковых станцый у 0.42.

Больш падрабязны расклад руху першых (да 6.00) і апошніх (пасля 23.00) цягнікоў будзе абнародаваны на інфармацыйных улётках, размешчаных на тарцах пасажырскіх платформаў.