Міністра транспарту РФ знайшлі застрэленым ва ўласным аўто
Раман Старавойт / ria.ru
Знойдзены мёртвым міністр транспарту Расіі, якога Уладзімір Пуцін сёння раніцай адправіў у адстаўку.
Выданне "Коммерсант" піша, што цела Рамана Старавойта знайшлі ў парку ў падмаскоўным Адзінцове. А побач з ім — пісталет Макарава, якім чыноўнік быў адзначаны ў 2023 годзе "за асаблівыя заслугі ў забеспячэнні бяспекі грамадзянаў".
У СК Расіі кажуць, што Старавойта знайшлі ў яго асабістым аўтамабілі. Асноўная версія следства на гэты момант — самагубства. Прычынай, імаверна, стала справа пра крадзеж як мінімум 1 млрд расійскіх рублёў. Гэтыя грошы былі вылучаныя на абарончыя збудаванні на мяжы з Украінай. Іншыя фігуранты справы нібыта далі паказанні на экс-міністра.
Старавойт з кастрычніка 2018-га па травень 2024 года займаў пасаду губернатара Курскай вобласці Расіі. У жніўні 2024 года на яе тэрыторыю ўвайшлі ўкраінскія войскі, не сустрэўшы пры гэтым асаблівага супраціву. Расіяне некалькі месяцаў не маглі іх адтуль выбіць.