Мінчукоў могуць пакінуць без тралейбусаў пасля 23-й гадзіны

У Мінску плануецца скарачаць час працы транспарту ўначы. Пра гэта дырэктар дзяржаўнай установы "Сталічны транспарт і сувязь" Валерый Шкуратаў паведаміў у інтэрв'ю газеце "Вечерний Минск".
Чыноўнік паведаміў, што друуая спроба арганізаваць працу начных маршрутак у сталіцы апынулася няўдалай. Начнымі экспрэсамі ў Мінску хочуць карыстацца адзінкі, таму трэцяй спробы арганізаваць начныя маршруткі не будзе.
Пасля гэтага ён паведаміў, што гарадскі транспарт у сталіцы працуе вельмі позна ўначы. "У большасці краін, у тым ліку ў буйных гарадах, грамадскі гарадскі транспарт працуе да 23.00, а ў нас да гадзіны ночы. Я вывучаў досвед працы калегаў у Хельсінкі, Пекіне, Шанхаі. Пасля 23.00 там ездзяць на таксі. Верагодна, з гэтага года і мы будзем скарачаць час працы транспарту", — заявіў Шкуратаў.
Па яго словах, пачаць мяркуецца з метрапалітэна: у позні час там плануецца павялічыць інтэрвалы руху цягнікоў.