Мінчук, які скраў стульчак у кавярні, сам здаўся міліцыі
Мінчук, які скраў у сталічнай кавярні дарагі стульчак, сам здаўся праваахоўнікам. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Здарэнне адбылося 19 сакавіка каля 18:40. Малады чалавек у мінскай кавярні скраў стульчак з чырвонага дрэва ручной работы, які каштаваў 180 еўра.
Міліцыя апублікавала гэтую інфармацыю ў СМІ. Пасля гэтага знаёмыя сталі паведамляць хлопцу, што яго шукае міліцыя. Ён спалохаўся і сам прыйшоў у Савецкае РУУС Мінска разам са скрадзенай маёмасцю.
Малады чалавек распавёў, што жыве ў інтэрнаце з суседам па блоку. Той доўгі час настойліва прапаноўваў яму памяняць аксэсуары для сантэхнікі ў прыбіральні. З гэтай нагоды маладыя людзі нават пасварыліся. Урэшце хлопец вырашыў набыць неабходны стульчак і пайшоў у краму. Па дарозе ён зазірнуў у кавярню, у прыбіральні якой пабачыў неабходны яму прадмет. Хлопец зняў стульчак і паклаў яго ў партфель, а потым адправіўся дадому.
Цяпер яго дзеянням даецца прававая ацэнка.