Мінчук скраў ровары з пракату, а работнікі салона купілі потым адзін з іх

Прадстаўнікі аднаго з пунктаў пракату звярнуліся ў міліцыю з заявай. Па іх словах, малады чалавек, які прыйшоў у салон з трыма сябрамі, узяў напракат на гадзіну тры ровары і не вярнуў іх. У заклад ён пакінуў пашпарт. Аднак пры пільным разглядзе высветлілася, што дакумент хлопцу нават не належыць. Міліцыянты выявілі, што пашпарт лічыцца згубленым, перадае БелаПАН.



Праз некалькі дзён супрацоўнікі салона зноў звярнуліся ў міліцыю. Яны купілі па аб'яве ў інтэрнэце ровар, які ў іх раней быў скрадзены. Аператыўнікі высветлілі, што ровар паспелі перапрадаць тройчы, пакуль ён вярнуўся да законных уладальнікаў.



Выкрадальнікам апынуўся раней асуджаны за крадзяжы 22-гадовы мінчук. Ён сказаў, што пашпарт знайшоў на адной са звалак і неўзабаве прыдумаў, як яго можна выкарыстоўваць. Ровары, скрадзеныя ў салоне праката, адразу ж прадаў, грошы выдаткаваў на ўласныя патрэбы.



Цяпер на юнака пачалі крымінальную справу за махлярства. Вядзецца расследаванне.



Фота — etajizn.ru