Мінчанка купіла камень замест мабільніка
За яго даверлівая дзяўчына заплаціла 5 мільёнаў рублёў.
Як інфармуе БелаПАН, 23-гадовая мінчанка на пачатку лістапада падала заяву ў міліцыю пра тое, што невядомы хлопец ашуканскім шляхам завалодаў яе грашыма.
Як выявілася, праз абвесткі ў інтэрнэце дзяўчына знайшла прапанову мабільнага тэлефона. Звязаўшыся з прадаўцом, яна перавяла на яго рахунак крыху больш за 5 млн рублёў. Прадавец паабяцаў перадаць мабільнік пасылкай праз кіроўцу маршрутнага аўтобуса. Аднак, атрымаўшы пасылку, дзяўчына замест мабільніка знайшла ў ёй камень.
Міліцыянты выявілі, што злачынства ўчыніў 17-гадовы наваполацкі студэнт. На яго пачалі крымінальную справу за махлярства. Цяпер следчыя правяраюць хлопца на датычнасць да аналагічных злачынстваў у Беларусі.
Фота — misanec.ru