Міліцыі больш, чым пратэстоўцаў, і ўсе адно аднаго ведаюць: мітынг у Баранавічах
Сілавікі каля ГЦ "Карона" чакаюць пратэстоўцаў / Еўрарадыё
Пакуль у Мінску працягваюць збірацца шматтысячныя пратэставыя маршы, правінцыя павольна, але пэўна апускаецца ў зімовую спячку. Нават там, дзе ў жніўні быў варушняк з гумовымі кулямі, "кактэйлямі Молатава" і разбітымі машынамі. Еўрарадыё з'ездзіла ў Баранавічы, каб даведацца, як там пратэстуюць цяпер.
Згубіцца няма дзе
У нядзелю, 8 лістапада, нязгодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі, вырашылі сабрацца ў Паўночным мікрараёне каля ГЦ "Карона". Збор абвешчаны на 14:00. А 15:00 павінен быў пачацца марш да цэнтра горада.
Да паловы на трэцюю на месцы 10-15 чалавек. Пратэстоўцаў можна пазнаць толькі па масках: акрамя работнікаў у крамах, аптэках і банках, іх, мабыць, ніхто больш не носіць. З "атрыбутыкі", якая можа прыцягнуць увагу сілавікоў, — маленькая БЧБ-нашыўка на куртцы ў аднаго з мужчын і футболка з "Пагоняй" у іншага.
За рагом крамы на паркоўцы ўжо стаіць аўтобус з сілавікамі і аўтазак. Людзі разыходзяцца на невялікія групы — па 2-5 чалавек. Свабодна стаяць большымі кампаніямі дазваляюць сабе толькі амапаўцы. Незразумела, хто назірае за кім больш уважліва: сілавікі за прысутнымі ці наадварот. Трагедыя сітуацыі ў тым, што ні адным, ні другім больш глядзець асабліва няма на каго. Згубіцца таксама няма дзе.
"Мы іх усіх ведаем!"
Прашу мужчыну ў адной з груп расказаць, ці заўсёды ў Баранавічах "так". Яго завуць Дзмітрый, працуе ў транспартнай сферы, але дзе канкрэтна, не гаворыць: у горадзе ўсе адно аднаго ведаюць, свяціцца лішні раз няма чаго.
— Людзей няшмат збіраецца. Хтосьці трапіў на штрафы, кагосьці папярэдзілі, што звольняць з працы. Зашугалі так, што далей няма куды. Хтосьці ўбачыў, як людзей б'юць. Ніхто не хоча застацца інвалідам на роўным месцы, — расказвае Дзмітрый.
Цікаўлюся, чаму прыйшлі тыя, хто прыйшоў. Усё-ткі людзей мала, а сілавікі зусім побач.
— Мы іх усіх ведаем! І яны нас ведаюць, але што зробіш? Нам трэба выходзіць, інакш якую мы краіну пакінем свае дзецям? Не хочам дыктатуру, як нам пакінулі бацькі. Чаму я аддаў дачку ў "Польскі клуб" і сына аддам? Каб яны з'ехалі з краіны. Я гэтага не хачу, але пакуль не бачу іншых варыянтаў.
Мужчына кажа, калі яго затрымаюць і звольняць з працы, давядзецца ехаць за мяжу на заробкі.
У старшыні гарвыканкама працадаўца — Лукашэнка
— Хачу жыць у сваёй краіне, дзе ўлады паважаюць закон і слухаюць грамадзян. Наш старшыня гарвыканкама сказаў нам, а што мы хочам, калі яго не мы прызначылі? Ён нам не падпарадкоўваецца. Кажа, яго прызначыў Лукашэнка і ён ягоны працадаўца. Навошта нам такое?
Не задавальняе мужчыну, што, акрамя законаў, ёсць указы і пастановы ўрада, у якіх можна прапісаць што хочаш. Суразмоўнік адзначае, што да жнівеньскіх падзей і гэта можна было трываць, але цяпер — не.
— Раней было больш-менш. Праца ёсць, на ежу хапае, дзесьці можна дзяцей на поўдзень вывезці. А цяпер разумею, што тут няма будучыні.
На думку Дзмітрыя, беззаконнем апошніх месяцаў улады разбурылі нават дасягненні IT-сферы.
— Апошняе, што ў нас заставалася. А цяпер — стаяць вунь у чорным гаспадары становішча. Кожны ўжо на 20 гадоў турмы нарабіў, але яны сябе адчуваюць смела. Таму што ахоўваюць свайго гаспадара. Але мы так не хочам. Мы ж не рабы.
Пратэстовец кажа, што ў звычайным жыцці сілавікі паводзяць сябе зусім па-іншаму.
"Ходзяць як пабітыя сабакі"
— Без формы яны чамусьці ходзяць як пабітыя сабакі. У мяне ў суседнім пад'ездзе жывуць двое. Адзін пасля жнівеньскіх падзей з гіпсам дома ляжаў, замкнуўся, каб ніхто яго не бачыў. Другі толькі ноччу прыходзіў дадому. Яшчэ ў мяне з сынам у садок ходзіць сын вось гэтага ў чорным, ахоўніка Лукашэнкі. І што? Ён баіцца ў мой бок нават глядзець, таму што яму сорамна перад людзьмі. Ён прыходзіць з апушчанай галавой і сыходзіць з апушчанай галавой.
Дзмітрый падкрэслівае, што да жніўня ставіўся да міліцыі нармальна, бо камусьці ж трэба ахоўваць парадак.
— Цяпер, прабачце, якая ім можа быць вера? Ніколі ў жыцці не падам кавалка хлеба нават.
Пратэстуюць яшчэ дзве дзяўчыны: Ганна і Дар'я. Ганна — кухарка. Дар'я не хоча гаварыць, кім працуе. Яны таксама заўважылі спад пратэсту ў Баранавічах і кажуць, што многіх запалохалі, іншыя — стаміліся.
— У мяне быў суд і штраф дзве базавыя пасля адной з сустрэч. Мяне дагэтуль цягаюць па допытах пасля таго, як у жніўні ў пракуратуру і машыну міліцыі кінулі "кактэйль Молатава". Дома быў ператрус і канфіскацыя. Але я там не была тады. Як сказаў следчы, цягаюць усіх, каго судзілі падчас пратэстаў, — кажа Ганна.
Дзяўчына адзначае, што нават калі выходзяць 50 чалавек — гэта ўжо шмат для Баранавіч, хоць у сярэдзіне верасня набіралася і па 600. Разганялі тады жорстка і з ужываннем спецсродкаў.
— Я прыходжу практычна заўсёды. Яшчэ ёсць надзея, што нешта зменіцца. Пераважна тут адны і тыя ж людзі. Мяне, вядома, радуе, што хоць бы такая колькасць чалавек не здаюцца. Але хацелася б, каб больш масава збіраліся ў правінцыйных гарадах.
Міліцыя просіць не дурэць
Атрымалася пагаварыць і з адным з сілавікоў, але ўжо ў цэнтры Баранавіч. Праўда, ён сам праявіў ініцыятыву. Пацікавіўся, ці цікава ў горадзе. Адказваю, што нашым чытачам цікава. Міліцыянер паўтарае пытанне. Кажу, што я ўсё зразумела.
— Усё, не дурэйце! Зрабілі адну фатаграфію і ідзіце, — адразае ён.
Нічога асаблівага ў цэнтры не адбываецца. Хіба што — міліцыя на кожным рагу. На плошчы стаяць міліцэйскія бусы і аўтобусы, аўтазак.
Пазней у мясцовым тэлеграм-канале "Боровки Свободные" з'яўляецца відэа з вячэрняй акцыі, дзе людзі з БЧБ-сцягамі, і відэа затрымання аднаго з пратэстоўцаў у самім раёне Бараўкі. Кажуць, гэта частка горада, якая пратэстуе найбольш актыўна. Магчыма, таму, што раён новы, тут больш маладых жыхароў.
Па словах мясцовых жыхароў, у Баранавічах 8 лістапада затрымалі сем чалавек. Шасцярых з іх адпусцілі ў панядзелак. Па афіцыйных звестках, ніхто не быў затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.