Мігрантаў у Беларусі вучаць фарсіраваць загароду на мяжы — літоўскі памежнік

На літоўска-беларускай мяжы / ELTA
Мігрантаў на тэрыторыі Беларусі могуць вучыць фарсіраваць загароду на мяжы. Такое меркаванне выказаў начальнік Капчамесціскай памежнай заставы Альгіс Кіселюс.
"У мяне ёсць такое падазрэнне, што, быць можа, на беларускай тэрыторыі ёсць падобны фізічны бар'ер і на ім трэніруюцца, бо дзейнічаюць вельмі аператыўна. Як быццам ведаюць, дзе і як хутчэй можна праскочыць. /.../ 1,5-2 хвіліны — 15 чалавек прабіраюцца", — перадае Delfi словы літоўскага памежніка.
Паводле яго, апошнім часам мігранты карыстаюцца больш масіўнымі лесвіцамі, чым раней. З іх дапамогай яны падмінаюць калючы дрот, каб перасекчы мяжу. Таксама мігранты маюць іншае аснашчэнне: нажніцы па метале, рыдлёўкі, гумовыя лодкі. Лесвіцы выкарыстоўваюць найчасцей. Але таксама праразаюць плот і робяць падкопы.
Праваднікамі мігрантаў, на думку Кіселюса, могуць быць як іншыя мігранты, так і беларусы. "Але, я лічу, што гэта могуць быць і беларусы: чуецца руская гаворка і лаянка. Думаю, і тыя, і другія могуць. Вядома, на выгляд яны масіўнейшыя за мігрантаў, большыя. У іх іншая знешнасць", — апісвае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.