Беларус з лесвіцай пералез праз мяжу ў Літву
Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt
Чалавек з Беларусі нядаўна пералез праз агароджу на беларуска-літоўскай мяжы з дапамогай лесвіцы. Ён папрасіў у гэтай краіне прытулку.
Пра гэты выпадак расказаў у інтэрв'ю LRT міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
"На гэтым тыдні адзін чалавек з Беларусі пералез праз плот з лесвіцай і папрасіў гуманітарнай дапамогі, указаўшы канкрэтныя факты. Ён зараз у цэнтры для ўцекачоў, і з ім працуюць па працэдуры", — паведаміў літоўскі міністр.
Паводле Кандратовіча, з расіянамі літоўскі бок працуе іначай. Ён расказаў, як некалькі дзён таму расіянін спрабаваў перасекчы расійска-літоўскую мяжу па рацэ, каб ухіліцца ад войска.
Міністр падкрэсліў, што такія спробы не з'яўляюцца адзінкавымі. Расіян літоўскія ўлады, як патлумачыў Кандратовіч, адпраўляюць назад у Расію.