Масква рыхтуе адказ на новыя санкцыі Еўрасаюза

Масква расцэньвае падрыхтоўку новых санкцыяў як адказ Еўропы на дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.

“Еўрасаюз прадэманстраваў, што яго кіраўніцтва па-ранейшаму блукае па адваротны бок палітычнага “люстэрка” і фактычна дасылае сігнал наўпроставай падтрымкі “партыі вайны” ў Кіеве, якую не задавальняюць вынікі мінскай сустрэчы”, — гаворыцца ў заяве расійскага МЗС.

Спіс новых санкцыяў супраць Расіі, як чакаецца, будзе абвешчаны ў панядзелак.

“Гэты новы пакет абмежавальных захадаў быў узгоднены на ўзроўні Камітэту сталых прадстаўнікоў краін-сябраў ЕС. Гэта дасць Еўрапейскаму саюзу эфектыўны інструмент, які дазволіць адрэагаваць цягам кароткага часу. Гэта павялічыць эфектыўнасць ужо дзейных захадаў. Новы пакет санкцыяў накіраваны на супрацьдзеянне курсу дэстабілізацыі Расіі ва Украіне”, — сказана ў сумесным адкрытым лісце прэзідэнта Еўрапейскай рады Германа ван Ромпэя і прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу.

Санкцыі будуць уключаць пашыраны спіс расійскіх афіцыйных асобаў, у дачыненні які будуць уведзеныя візавыя і банкаўскія абмежаванні, крэдытныя абмежаванні для расійскіх кампаній і забарона на экспарт тавараў двайнога прызначэння.

Як чакаецца, у гэты спіс таксама ўвойдуць прадстаўнікі самаабвешчаных уладаў Данбасу і анэксаванага Крыма. Канчатковы спіс могуць абвясціць ужо ў панядзелак.

Раней міністр замежных справаў Брытаніі Філіп Хэманд сказаў, што санкцыі ўвядуць, нягледзячы на дасягнутае перамір’е ў Мінску, але іх могуць у любую хвіліну адмяніць, перадае ВВС.