Маразы хутка аслабнуць, аднак лягчэй не стане
Такі прагноз даюць сіноптыкі Белгідраметэацэнтра.
У гутарцы з Еўрарадыё начальнік аддзела метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук паведаміла, што бліжэйшымі днямі лягчэй на вуліцах не стане:
Парашчук: "На жаль, нічым парадаваць не магу. Будучыя выхадныя ўвогуле будуць вельмі халоднымі, але пры ціхім ветры. На наступным тыдні паступова пачнуць маразы слабець — на слупках тэрмометра будуць паказчыкі тэмпературы вышэйшыя. Але праз тое, што ўзмацніцца вецер, камфортнасць надвор'я будзе вельмі нядобрая. І вось такі характар надвор'я: паступовае аслабленне маразоў, але ветрана — мы чакаем да канца месяца і на пачатку лютага".
Па словах эксперта, нейкіх тэмпературных анамалій, аднак, чакаць не выпадае. Калі на пачатку студзеня тэмпература была на 5-10 градусаў вышэй за норму, то цяпер на столькі ж ніжэй. Прыходу цяплейшага паветра замінае арктычны антыцыклон, які вісіць над еўрапейскай часткай Расіі.
А вось баяцца такіх супермаразоў, якія гэтай зімой накрылі ЗША, беларусам не варта. Як кажа Людміла Парашчук, да нас такія халады маглі б прыйсці толькі з Карскага мора. А ўсе антыцыклоны да нас прыходзяць са Скандынавіі.
Фота — bigpicture.ru