Магільную пліту на месцы археалагічнай знаходкі адкрылі ў Быхаве

Помнік на месцы знаходкі неандэртальскага скрабла

Помнік на месцы знаходкі неандэртальскага скрабла / t.me/novostibyhova

У лесе каля Быхава ўрачыста адкрылі ў лесе помнік, каб ушанаваць знаходку скрабла неандэртальца.

Помнік паставілі ва ўрочышчы Чырвоная Горка. На гэтым месцы 65 гадоў таму, у 1960-м, археолаг Леанід Побаль знайшоў прыладу першабытнага чалавека — крамянёвае скрабло мусцьерскага тыпу, якім апрацоўваліся шкуры жывёл. Гэта эпоха была прыкладна за 40 тысяч гадоў да нашай эры.

Помнік, які нагадвае надмагілле, замовілі ў агенцтве рытуальных паслуг, піша MAYDAY. Яго паставілі на тратуарную плітку ў лесе.

На адкрыццё прыехала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Міхеенка, а суправаджаў яе старшыня райсавета Вячаслаў Сідарэнка. Быхаўскія чыноўнікі заявілі, што помнік "гарманічна ўпісваецца ў навакольны ландшафт". А дэпутатка ППНС падкрэсліла, што для Быхаўшчыны гэта "дадатковая магчымасць развіцця турызму".

Само скрабло даўно экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі. 

Магільную пліту на месцы археалагічнай знаходкі адкрылі ў Быхаве
Помнік на месцы знаходкі неандэртальскага скрабла / t.me/novostibyhova

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.